Голосование
Как Вам новый сайт?
Всего 69 человек

Нацыянальны характар беларусаў.

Дата: 15 января 2019 в 07:21, Обновлено 28 января 2019 в 11:09

                                             

Добры дзень. паважаныя бацькі. Сення паразважаем пра асаблівасці нацыянальнага характару беларусаў.

Гістарычны лёс Беларусі складаўся такім чынам, што ёй на працягу многіх стагод­дзяў прыйшлося зведаць як перыяды сапраўднай магутнасці, росквіту беларускай дзяржаўнасці і культуры, так і працяглыя перыяды ўсеагульнага заняпаду, штучнага падаўлення нацыянальнай самабытнасці беларусаў, адмаўлення іх багатай духоўна-культурнай спадчыны. Аднак і ў самых неспрыяльных, цяжкіх для развіцця ўмовах беларускі народ усё ж ніколі поўнасцю не страчваў свайго нацыянальнага аблічча, захоўваў свае самыя адметныя рысы і якасці.

Магчыма, таму мы ў апошні час так пільна ўглядаемся не толькі ў саміх сябе, але і спрабуем вызначыць, у чым жа заключаецца характар нацыі ў цэлым, што разумеецца пад славутай спасылкай на наш беларускі менталітэт. Увогуле, нацыянальны характар можна коратка вызначыць як своеасаблівую сукупнасць розных псіхалагічных рыс і якасцей, уласцівых большасці прадстаўнікоў пэўнай нацыянальнай супольнасці. Асаблівасці нацыянальнага характару прама ці ўскосна адлюстроўваюцца ў найбольш распаўсюджаных рысах паводзінаў, пачуццяў і перажыванняў пераважнай часткі людзей, якія адносяцца да аднаго народа. Нацыянальны характар досыць устойлівы, стабільны, хоць з цягам часу пад уплывам розных фактараў можа набываць нейкія новыя рысы.

                                                

Да прыняцця хрысціянства нашы продкі прытрымліваліся язычніцкіх вераванняў. Язычніцтва выхоўвала ў мясцовых жыхароў такія якасці характару, як непасрэднасць, шчырасць выражэння сваіх эмоцый, павагу да памерлых родзічаў, а таксама свое­асаблівую паяднанасць з навакольным асяроддзем, усёй прыродай.

Пашырэнне хрысціянства на нашых землях прыўносіла ў псіхалогію, менталітэт жыхароў Беларусі новыя рысы. Цяпер ужо агульнапрызнана, што гвалтоўнага, рэзкага выцяснення паганскіх вераванняў і пераводу язычнікаў у хрысціянства на Беларусі не было. Хрысціянская вера паступова выпрацоўвала і прыкметна ўзмацняла ў беларусаў мяккасардэчнасць, міласэрнасць, гуманнасць, паважлівасць у адносінах да блізкіх, старых, знямоглых дзяцей. Можна сказаць, што хрысціянства прывяло да складвання дастаткова спакойнага, ураўнаважанага і, так бы мовіць, «акруглага» характару беларусаў.

Даследчыкі фальклору справядліва падкрэсліваюць, што беларусы стварылі мноства мяккіх і гуманных легендаў, у якіх нават сацыяльна-эканамічныя пытанні вырашаюцца ў духу хрысціянскай любові і лагоднасці.

Беларусы заўсёды адмаўлялі насілле, але, з другога боку, на думку некаторых да­следчыкаў, ім нібы падабалася быць ахвярамі. На самай справе беларускаму нацыянальнаму характару практычна ва ўсе часіны (асабліва ў перыяд войнаў і ўсялякіх выпрабаванняў) былі ўласцівы мужнасць і вынослівасць, жыццястойкасць і нескаронасць. У сувязі з гэтым можна меркаваць, што пагранічныя небяспечныя сітуацыі абуджаюць у іх глыбока схаваныя інстынкты самавыжывання і іншыя лепшыя якасці продкаў.

                                                 

Даволі моцнае ўздзеянне на фарміраванне нацыянальнага характару аказвае прыродна-геаграфічны фактар. Паколькі Беларусь мае пераважна раўнінны і нізінны рэльеф, то і да беларусаў можна аднесці ў поўнай меры выснову псіхолагаў аб тым, што жыхарам раўнінных тэрыторый, як правіла, уласцівы спакойны, разважлівы характар.

Пастаяннае жыццё сярод лясоў, балот і азёраў вымушала беларусаў няспынна і шмат працаваць, пераадольваць разнастайныя перашкоды і цяжкасці, каб пракарміць сябе і сваю сям'ю. Магчыма, досыць моцная біяэнергетыка нашых лясоў (найперш хваёвых) абумоўлівала знакамітую жыццястойкасць, вынослівасць, цягавітасць беларусаў.

Прывязанасць нашых продкаў да зямлі была ледзь ці не містычнай. Імкненне мець ўласны кавалачак зямлі, беражлівае, любоўнае стаўленне да яе з'яўлялася адной з найбольш выразных рысаў беларускага нацыянальнага характару. Яшчэ адна характэрная рыса беларусаў – гэта іх працавітасць, працаздольнасць. Некаторыя даследчыкі на падставе параўнальнага аналізу рабілі выснову аб тым, што беларус – гэта, па сутнасці, самы працавіты чалавек, якога бедная глеба і прырода-мачыха навучыла небываламу цярпенню, бязмежнай гатоўнасці да працы.

Неад'емнай рысай беларускага менталітэту з'яўляецца міралюбнасць, памяркоўнасць, талерантнасць да прадстаўнікоў розных нацый, канфесій, да людзей з іншым складам мыслення, светаўспрымання. Беларус – чалавек незласлівы, незлапямятны і няпомслівы. Калі ён сустракае добразычлівае стаўленне да сябе, ён заўсёды адказвае тым жа.

Большасць беларусаў ва ўсе часіны вызначала шчырая любоў да зямлі, да роднага кутка. Амаль усе, хто прыязджае на Беларусь, заўсёды падкрэсліваюць, што беларусы – народ шчыры, добразычлівы і вельмі гасцінны.

                                                  

Але можна і да беларусаў прымяніць вядомае выказванне: «Недахопы чалавека – гэта працяг яго вартасцей». Напрыклад, нерашучасць і некаторая абыякавасць, інертнасць, магчыма, з'яўляюцца вынікам празмернай талерантнасці, добразычлівасці і памяркоўнасці беларускага народа. Памяркоўны, няпомслівы беларус часам даруе нават сваім ворагам. 

Яшчэ адной рысай псіхалогіі беларусаў можа, напэўна, лічыцца іх кансерватыўнасць,  схільнасць жыць па традыцыі. Адсюль вынікае і ўласцівая і іншым славянскім народам прамарудлівасць у прыняцці рашэнняў і выкананні практычных спраў.

Такім чынам, у беларускім нацыянальным характары адначасова, узаемазвязана існуюць розныя, а часам і супрацьлеглыя рысы.

Баларуская душа надзвычай разнастайная, загадкавая і невычарпальная, прычым у ёй заўсёды будуць існаваць і нейкія глыбінныя таямніцы, да разгадкі якіх мы павінны імкнуцца.

                                                    

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.