Голосование
Как Вам новый сайт?
Всего 69 человек

Слуцкія паясы.

Дата: 4 февраля 2019 в 21:18, Обновлено 1 марта 2019 в 00:53

Добры дзень, паважаныя бацькі. 

Сення пойдзе гаворка пра яшчэ адзін сімвал Беларусі -- слуцкія паясы.

Славутыя слуцкія паясы – адна з нацыянальных рэліквій беларусаў, цудоўны ўзор дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, які стаў не толькі гістарычным культурным сімвалам, але і сучасным брэндам Беларусі.

Сёння старадаўнія слуцкія паясы – рарытэт: у Беларусі захоўваюцца адзінкавыя экзэмпляры і фрагменты, а большая частка твораў нацыянальнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва знаходзіцца ў музейных і прыватных калекцыях свету.

Тым не менш, у нашай краіне адроджаны ўнікальныя традыцыі вырабу слуцкіх паясоў. Сучасныя майстры робяць іх     дакладныя копіі, аналагі і мастацкія стылізацыі, якія могуць стаць эксклюзіўным сувенірам з Беларусі.

Слуцкія паясы: гісторыя нацыянальнага сімвала

Доўгія шырокія паясы з прыгожым малюнкам і складаным пляценнем з каштоўных нітак атрымалі распаўсюджанне на беларускіх землях яшчэ ў XVI-XVII стагоддзях. Гэтаму садзейнічалі паданні аб паходжанні арыстакратыі Рэчы Паспалітай ад старажытных ваяўнічых плямёнаў сарматаў.

Надзвычай прыгожы, сімвалічны і дарагі прадмет мужчынскага гардэроба, даступны толькі выхадцам з вышэйшых саслоўяў. З імі звязаны дзіўныя падзеі і сямейныя таямніцы, загадкавыя і часам містычныя гісторыі.

Дарагія паясы для шляхты прывозілі з усходніх краін, але ў ХVIII стагоддзі на беларускіх землях сфарміравалася ўнікальная мастацкая з’ява – "слуцкі пояс".

Беларускія ткачы стварылі свае непаўторныя ўзоры і сімвалічныя матывы, эксклюзіўную тэхналогію. Сусветную вядомасць атрымалі паясы Слуцкай персіярні – мануфактуры самай заможнай і ўплывовай дынастыі Еўропы  Радзівілаў.

Першая персіярня ўзнікла ў Нясвіжы,  у 1750-я гады яе перанеслі ў Слуцк, які здаўна славіўся ўмелымі ткачамі.

Для кіравання быў запрошаны вядомы майстар Ян Маджарскі (Аванес Маджаранц армянскага паходжання, які працаваў у Стамбуле, Станіславе). У 1777-1807 гадах мануфактурай кіраваў яго сын Лявон.

У час росквіту ў Слуцку працавалі да 55 ткачоў (толькі мужчыны!), столькі ж чаляднікаў і прадзільшчыц. На 20-25 станках штогод выпускалі каля 200 паясоў вельмі тонкай работы.

У хуткім часе слуцкія паясы пачалі капіраваць на іншых мануфактурах: у беларускіх Гродне, Слоніме, Ружанах, Паставах, Карэлічах, Шклове, польскіх Кабылках, Ліпкаве, Кракаве, Гданьску, французскім Ліёне, у Аўстрыі…

Лічаць, што сёння ў свеце захавалася каля тысячы слуцкіх паясоў. І амаль усе яны знаходзяцца за межамі Беларусі: у музейных зборах Польшчы (Варшава, Кракаў, Познань, Гданьск), Украіны (Кіеў, Львоў), Расіі (Масква, Санкт-Пецярбург), Літвы (Вільнюс, Каўнас), у прыватных калекцыях.

Беларускія музеі захоўваюць 11 слуцкіх паясоў розных гадоў вырабу і рознага стану, а таксама шматлікія фрагменты.

Слуцкі пояс: асаблівасці і сакрэты

Класічны слуцкі пояс – гэта раскошная доўгая (до 3,5-4 м) тканіна шырынёй 35-40 см, якую, складваючы ўдвая або скручваючы, павязвалі  паверх шляхецкага адзення (кунтуша).

Шыкоўны аксесуар мог быць адна-, двух-, трох-, чатырохбаковым. Кожны з бакоў выкарыстоўваўся ў залежнасці ад каларыту адзення і сітуацыі. Напрыклад, на свята пояс павязвалі наверх залатой, чырвонай часткай; у жалобу выкарыстоўваўся чорны бок; у паўсядзённым жыцці – зялёны і шэры.

Па кампазіцыі слуцкі пояс падзелены на тры часткі: два прамавугольныя канцы і асноўная частка ("сярэднік").

На "канцах" ткалі ўзоры кветак, пераплеценых сцяблін з лістамі, галінак дрэва, медальёны разнастайнай формы. Асноўная частка складалася з папярочных аднатонных палос або палос з арнаментам. Часам тут з’яўляўся "лускавы" (падобны на рыбіну луску) малюнак або ўзор "у гарошак".

Уздоўж бакоў пояса – вузкі бардзюр з раслінным арнаментам. Канцы таксама завяршае паласа з арнаментам і махры.

Слуцкі пояс ткалі з натуральных шаўковых нітак: звычайных і абкручаных вельмі тонкім залатым або сярэбраным дротам. Такі каштоўны аксесуар называўся "літым", бо пасля пракатвання крыху шурпатага пояса цераз спецыяльны вал з’яўляліся незвычайная гладкасць і раскошны бляск.

На кожным поясе слуцкія майстры ставілі асаблівыя меткі: у час Рэчы Паспалітай – на лацініцы, пазней на кірыліцы: "SLUCK", "SLUCIAE", "SLUCIAE FECIT", "MEFECIT SLUCIAE" ("Мяне зрабіў Слуцк"), "ВЪ ГРАДЪ СЛУЦКЪ"…

Сучасныя слуцкія паясы

Па даручэнні Прэзідэнта ў Беларусі была зацверджана Дзяржаўная праграма адраджэння тэхналогій і традыцый вытворчасці слуцкіх паясоў і развіцця вытворчасці нацыянальнай сувенірнай прадукцыі "Слуцкія паясы" на 2012-2015 гады.

Яна прадугледжвае даследаванне гісторыі, мастацкіх асаблівасцей слуцкіх паясоў, вывучэнне тэхналогіі вытворчасці аўтэнтычных шэдэўраў на Слуцкай мануфактуры, адраджэнне іх у сучасных умовах…

Вывучыўшы сакрэты ткачоў, мастацкія асаблівасці паясоў і матэрыялы, з якіх яны вырабляліся ў ХVIII стагоддзі, на прадпрыемстве аднавілі ўнікальную тэхналогію.

Пры стварэнні копій сучасныя слуцкія ткачы выкарыстоўваюць натуральны шоўк, ніткі з золатам і серабром у саставе, нітку "ізамет" і поліэстэр металік. Аналагаў гэтым вырабам у свеце няма.

Паважаныя бацькі, несумненна вас уразілі слуцкія паясы сваей самабытнасцю, каларытам, прыгажосцю. 

⇔ Думаю, дзеткам будзе цікава разглядзець паясы. Раскажыце ім пра слуцкія паясы.

⇔ Можна на доўгай тканіне або паперы пастарацца намаляваць узор пояса.

⇔ Таксама можна выразаць з паперы кветачкі, лісточкі. палоскі і сабраць іх у ўзор, затым прыклеіць.

⇔ Паспрабуйце зрабіць трафарэт.

⇔ Прапануйце і дапамажыце вышыць для лялькі пояс -- убранне.

⇔ Паглядзіце разам з дзецьмі відэа ў музеі гісторыі слуцкіх паясоў. 

Паважаныя бацькі, толькі ад нас залежыць як зберагуць дзеці гісторыю нашага нацыянальнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Да пабачэння.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.