Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

Беларускі арнамент.

Дата: 31 января 2019 в 00:36, Обновлено 6 октября 2021 в 12:58

                               Беларускі арнамент. Больш чым проста вышыўка.

 Арнамент – гэта найбольш вядомы від мастацкай творчасці нашага народа. Ткацтва, пашыў адзення, ганчарная справа, вышыўка – усё гэта прасякнутае выкарыстоўваннем спецыфічнага беларускага арнаменту, арнаменту, ідэнтычнага якому ў свеце няма. Між тым, мала хто з сучасных беларусаў ведае спецыфіку ўзораў, якія выкарыстоўваў яго народ.

Для большасці старажытныя ўзоры, якія народ перадаваў са стагоддзя ў стагоддзе, – гэта вышыванкі, вышымайкі, вышышыны для ровара (так-так, і такое існуе!) і усялякія іншыя вышырэчы. Але, здаецца, беларускі арнамент заслужыў крышачку больш увагі і пашаны. Таму гэты матэрыял будзе прысвечаны асноўным матывам і тлумачэнню беларускіх узораў.

Кожны элемент арнаменту – гэта свайго роду тайнапіс, шыфроўка. Беларускі ўзор – не проста прыгожыя крыжыкі, квадрацікі і птушачкі, а канкрэтны “мэсідж”, як, напрыклад, еўрапейская геральдыка

Усе ўзоры прызначаныя для мноства нагодаў. Вобразы ўраджаю і ўрадлівасці, маці, роднай зямліцы, святаў, песень, кахання, чалавека, сям’і і дзяржавы, веры і жыцця – беларускі ў сваёй творчасці зачапілі амаль ўсё тое, што атачае чалавека.

  Ураджай і ўрадлівасць

Са старажытнасці народ жыў з двух асноўных заняткаў – земляробства і жывёлагадоўлі. Менавіта таму аднымі з самых звыклых сімвалаў у арнаментыцы з’яўляюцца свойскія жывёлы, сельскагаспадарчыя расліны, асабліва зерневыя. Дарэчы, менавіта жывёлы і расліны ў беларускай традыцыі таксама лічацца сімваламі багацця, заможнасці і моцы.

    Маці

Вядома, што яшчэ з першабытных часоў маці была істотай, якую паважалі і шанавалі. Найбольш вядомым менавіта беларускім сімвалам маці з’яўляецца так званая “Маці з дзіцем”. Вялікая фігура маці, а на ёй, дзесьці ў раёне жывата, – маленькае дзіця. Лічылася, што такі абярэг дапамагае як дзяўчыне ў пошуку сямейнага шчасця, так і ўжо цяжарнай жанчыне, і той, што ўжо нарадзіла дзіця.

Сімвал маці ў арнаментыцы – гэта амаль заўжды схематычная выява жанчыны ў сукенцы, у залежнасці ад складанасці ўзору можа вагацца ад нечага кшталту трохвугольніка з галавою да паўнавартаснае жанчыны нават з добра бачнымі рукамі і нагамі.Таксама Маці ў беларускім арнаменце мае ўвасабленне ў выглядзе прыадкрытага бутону кветкі.

   Родная зямля

Яшчэ адным з сімвалаў-асноваў, тых, на якія ніколі не забудзецца ні адзін этнас, з’яўляецца вобраз Радзімы, зямлі-карміцелькі. Любоў да роднае зямлі для жыхароў любой краіны свету – пачуццё светлае і добрае. Туга і боль па Радзіме, любоў да зямлі тых беларусаў, каго лёсам занесла ў іншую краіну, – усё гэта матывавала на стварэнне асаблівага арнаменту.

Геаметрычны вобраз роднай зямлі ткачыхамі і вышывальшчыцамі Беларусі рабіўся з самых розных колераў, многія ўвогуле змешвалі некалькі розных адценняў. Так, лічылася, адлюстроўваецца шматграннасць і прыгажосць Беларусі.

     Святы

Якое жыццё без святаў? Ды ніякага! Беларусы, якія добра працавалі, любілі і святкаваць. Святаў на беларускай зямлі ў старажытнасці было вельмі і вельмі шмат. Пачатак новае працы, змена пары года, розныя падзеі ў жыцці кожнага чалавека – усё гэта адзначалі, прычым кожнае свята са сваім непаўторным каларытам.

Вялікдзень, Купалле, Каляды, Масленіца, вяселле – гэтыя святы былі найбольш яскравымі, так бы мовіць, асноўнымі святамі ў календары нашых продкаў. Але і розныя іншыя абрады суправаджаліся не менш цікавымі і паэтычнымі дзеяннямі.

Разгледзім як прыклад вобраза святаў узоры, якія вышываліся на тэму Вялікадня. Стандартным як бы мовіць “талісманам” гэтага свята выступала Вясна-Вяснянка, дзяўчына ў сукенцы, якая абавязкова трымала ў абедзвюх руках кветкі. Расліны выступалі як сімвалы абуджэння жыцця прыроды пасля зімы. Вясна-Вяснянка, у адрозненне ад папярэдніх узораў, рабілася майстрыхамі толькі ў адным выглядзе, не маючы схематычнага віду.

     Песні і мелодыі

Здаўна склалася так, што музыка мела вялізны ўплыў на людзей. Спявалі заўжды – і падчас працы, і калі адпачывалі. Танцы, гульні – усё калі не пад песні, то пад музыку. І гэта не магло не знайсці ўвасаблення ў беларускім арнаменце.

Шырокае распаўсюджанне набыў узор любоўнай песні. Дзяўчына выяўляла свае пачуцці на тканіне, у вышыўцы альбо ткацтве.

Матыў, які ў аснове сваёй нясе вобраз любоўнае песні, аніяк сваёй прыналежнасці не выражае, і ў цэлым здагадацца, што гэты арнамент – любоўная песня, папросту няма як. Асноўным элементам узору з’яўляецца невялічкі крыжык у цэнтры. Апраўлены ён дзвюма лініямі, якія прыгожа заплятаюцца адна за адну. Такі ўзор вельмі часта сустракаецца на посцілках, ручніках, на тканых дыванах.

     Каханне

Як бачым, большасць тэмаў для ўзораў так ці іначай мае агульныя рысы, пераплятаецца і перасякаецца ў розных месцах. Вобраз кахання ёсць амаль ва ўсіх беларускіх арнаментных спалучэннях. Але чаму выдзелілі менавіта каханне ў асобны падпункт? Гэта зроблена таму, што беларускія жанчыны не спыніліся на адным вобразе кахання. Яны паспрабавалі распісаць у арнаментыцы амаль увесь каларыт пачуццяў чалавека ў рамках любоўных зносінаў. Каханне і прыгажосць, жаночая доля ў шлюбе, непадзельнае, трагічнае каханне ў вобразе Русалкі, вобраз пачатку новай сям’і, увасоблены ў Вянку. Арнаментаў на тэму кахання ў беларусаў атрымалася шмат, і кожны з сімвалаў па-свойму цікавы, а прыгажосць іх не вызывае сумневаў нават цяпер, у час, калі даматканае адзенне амаль выйшла з ужытку.

    Чалавек, сям’я і дзяржава

Беларускі вышывалі і ткалі ўсё, што было наўкол: багоў, расліны, людзей, жывёлаў і нават прыродныя з’явы. Як жа не дайсці да ўвасаблення самога чалавека, яго месца на Зямлі і ў грамадстве? “Чалавечых” вобразаў у беларускай арнаментыцы шмат, але асноўным матывам пры адлюстраванні чалавека ёсць васьміканцовая зорка. Магчыма, таму, што існавала некалі павер’е: “Нарадзіўся чалавек, на небе з’явілася яго зорка. Добры чалавек, яго зорка гарыць ярка. Дрэнны – цьмяна.  Менавіта гэтую зорку майстрыхі ў сваіх работах атачаюць кветкавымі гірляндамі ці геаметрычнымі ўзорамі, што, напэўна, мусіць падкрэсліваць прыгажосць і чалавечую годнасць.

Дзявочую прыгажосць, працавітасць і добры характар увасабляў узор дзяўчыны-бярозкі альбо дзяўчыны-рабіны; мужчынскую прывабнасць, прагу да працы і весялосць – вобраз клёна. Саюз мужчыны і жанчыны разам таксама паказваў узор – ромб з кручкападобнымі адросткамі, які паўтараўся на ўсім ручніку ці посцілцы. Вобраз сям’і паказваўся ў выглядзе крыжыка, на канцах якога вышываліся невялічкія схематычныя сэрцайкі. Узоры дзяцей мелі ўласцівасць паўтарацца не толькі па лініі, але і па ўсім вырабе – каб дзяцей было болей. Заўжды дзіця бачылі як кветку – мабыць, кветку жыцця.

    Вобразы веры

Як і любы этнас, беларусаў не абмінула і вера. Спачатку паганства, потым хрысціянства, але нязменны факт – беларускі чалавек верыў, і так было спакон веку. Беларускія ўзоры захавалі ў сабе сімвалы веры нашых прашчураў. Іх і разгледзім.

Беларусы вельмі шанавалі продкаў. Успомніць хаця б свята Дзяды, цалкам прысвечанае родзічам, якія пайшлі ж жыцця. Узораў продкаў у вышыўцы і ткацтве існавала нават у чатырох асноўных выглядах. Найбольш распаўсюджаным быў так званы сімвал “агульнага продка”, то бок чалавека, які ёсць прашчурам для ўсіх беларусаў. Выглядала гэта як два перакрыжаваныя прамавугольнікі ці чатыры скрыжаваныя лініі.

Вера ў душу – гэта тое, што так ці іначай існуе ў творчасці любога народа. Беларускі таксама вышывалі тое эфемернае і цікавае, што не ўбачыш, але можаш прыгадаць. Лічылася, што душа чалавека мае выгляд матылька альбо лёгкай птушкі, і прылятае яна на святы, перш за ўсё на Дзяды, да родных.

Вышывалася Душа ў выглядзе васьміканцовай разеткі, надта падобнай да вышыванага вобразу Чалавека. І нядзіўна: іх роднасць, непадзельнасць несумненная. Нярэдка канцы “разеткі” аздаблялі характэрнымі арнаментальнымі “вочкамі”, зусім схематычнымі, але ўсё роўна падобнымі на крыльцы матылька.

    І ў заключэнне

Кожнае мастацтва адзначанае сваім тайнапісам, сімволікай і глыбінным сэнсам. Не выключэнне і беларуская арнаментыка, якая перажыла столькі гадоў і ўсё роўна не страціла асноўных матываў, не спыніла існавання.

Як бы там ні было – не забывайцеся на тое, што можа атрымаць працяг у вашай творчасці. І гэта самае галоўнае.

Разгледзім некаторыя з сімвалаў арнаменту.

Паважаныя бацькі, мяркую, што вас зацікавіла тэма сімвалаў у беларускім арнаменту.

♦ Разгляданне сімвалаў з дзецьмі -- карысная і вельмі займальная справа.

♦ Колькі радасці прынясе маляванне сімвалаў.

♦ Можна паспрабаваць скласць свой узор.

♦ Па жаданню выкарыстаць у інтэр'еры памяшкання. 

♦ Прапаную дэкараваць разам з дзецьмі якія-небудзь рэчы.

Наогул тут вялікае поле для вашай творчай фантазіі.

Дзякую за ўвагу. Да пабачэння.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.